У амбасаду Беларусі, Стакгольм

Цягам апошніх тыдняў мы з вялікай занепакоенасцю сочым за развіццём падзей у Беларусі. У якасці члена ААН Беларусь ратыфікавала Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека і Канвенцыю ААН аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтыя правы – аснова дэмакратычнага грамадства, і яны парушаюцца сёння ў Беларусі сістэматычна. Беларусь афіцыйна вызначае сябе як дэмакратычная дзяржава, але тое, як прадстаўнікі дзяржавы ставяцца да тых, хто выкарыстоўвае сваё законнае права на свабоду слова і меркаванняў – дысідэнтаў, пісьменнікаў, журналістаў, праваабаронцаў, грамадзян краіны ўвогуле – немагчыма звязаць з дэмакратычным дзяржаўным ладам і прынятымі Беларуссю абавязацельствамі паважаць правы чалавека.

Мы пратэстуем супраць масавых арыштаў і турэмных пакаранняў мірных дэманстрантаў, у тым ліку вялікай групы журналістаў, якія асвятлялі дэманстрацыю ў Мінску 19 снежня, а таксама супраць таго, што некаторыя з гэтых журналістаў рызыкуюць быць абвінавачанымі, ці ўжо абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах.

Мы пратэстуем супраць таго, як улады абыходзяцца з апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты і былым старшынём Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімірам Някляевым, якога збілі проста на вуліцы, а потым арыштавалі і вывезлі з бальніцы, куды ён трапіў пасля збіцця з чэрапна-мазгавой траўмай. Згодна з інфармацыяй з бліжэйшага атачэння Уладзіміра Някляева, ягонае здароўе ў зняволенні пагоршылася і яго жыццё ў небяспецы.

Мы асуджаем пераслед у дачыненні да незалежных арганізацый – як тыя ператрусы, што адбыліся ў памяшканні Беларускага ПЭН-цэнтра і на прыватнай кватэры намесніка стырашыні гэтай арганізацыі. Вышэйпрыведзеныя прыклады павінны разглядацца як сведчанне кірунку развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Беларуская дзяржава паказвае сёння стаўленне да сваіх грамадзян, якое, як падавалася, засталося ў мінулым.

Мы патрабуем ад кіраўніцтва Беларусі павагі да правоў чалавека і дэмакратыі, да грунтоўных асноў якой належаць свабода слова і сходаў. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх журналістаў, праваабаронцаў і іншых дэманстрантаў, якія былі пазбаўленыя волі за тое, што скарысталіся сваім правам на мірныя дэманстрацыі і свабоду слова і меркаванняў.